СТА́НЦЫЯ НАВЯДЗЕ́ННЯ РАКЕ́Т,

комплекс прыстасаванняў для неперарыўнага вызначэння каардынат цэлі і пушчанай да яе ракеты, выпрацоўкі каманд навядзення і перадачы іх на борт ракеты. Каардынаты цэлі і ракеты вызначаюцца радыёлакацыйнымі, аптычнымі, інфрачырвонымі, лазернымі і інш. прыстасаваннямі суправаджэння цэлі і ракеты (адна- і многаканальнымі).

Прыстасаванне выпрацоўкі каманд навядзення — вылічальнае прыстасаванне, якое забяспечвае фарміраванне каманд навядзення ў адпаведнасці з абраным метадам навядзення, велічынёй і напрамкам адхілення ракеты ад кінематычнай траекторыі. Перадача на борт ракеты каманд навядзення і разавых каманд, якія мяняюць рэжым работы бартавой апаратуры, робіцца па шматканальных лініях сувязі (радыёлініях, аптычных, лазерных і інш.). Для павышэння канальнасці сувязі і скарачэння часу рэакцыі выкарыстоўваюцца многафункцыянальныя С.н.р., якія забяспечваюць пошук, знаходжанне (выяўленне), дакладнае вымярэнне каардынат цэлей і ракет, аўтаматызацыю ўсіх працэсаў апрацоўкі сігналаў і кіравання палётам ракет.

П.​П.​Якшонак.

Станцыя навядзення ракет зенітнага ракетнага комплексу С-75.

т. 15, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)